Выстава фатаграфіі Сяргея Плыткевіча «У родным краі»


Выстава мастацкай фатаграфіі

Сяргея Плыткевіча

“У родным краі”

19 сакавіка – 20 мая 2024 года

Беларускі фатограф Сяргей Плыткевіч вядомы сваімі фантастычнымі здымкамі прыроды Беларусі і нашых гістарычных каштоўнасцей. Ён нарадзіўся ў 1963 годзе, у в.Ванюжычы Петрыкаўскага раёна. Вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце. Дзіцячае захапленне фатаграфіяй стала прафесіяй і прызваннем, прынесла поспех сярод прафесіяналаў. “Гуру фатаграфіі” і “лепшы фатограф дзікай прыроды” – менавіта так гавораць пра яго калегі і сябры.

Сяргей Міхайлавіч з’яўляецца дырэктарам Міжнароднага фонду падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор», заснавальнікам сайта planetabelarus.by і выдавецтва «Рыфтур», дырэктарам Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў». Ён – аўтар больш двухсот розных фотаальбомаў, у прыватнасці, альбомы «Мая Беларусь», «Беларуская экзотыка», «Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы», «Ад Полацка пачаўся свет», «Нечаканая Беларусь», «Запаведная Беларусь», «Чырванаборская пушча».

Сяргея Плыткевіча вылучае зварот да гістарычнай памяці народа і любоў да роднай зямлі. Любоў да ўсяго, што напаўняе сабой планету Беларусь – ад самай маленькай кветачкі, прадстаўнікоў дзікай прыроды да велічных сведкаў нашай мінуўшчыны і здабыткаў сучаснасці. Менавіта гэтыя яго праекты прадстаўлены на выставе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Уваход вольны.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Тэл.: +375 17 355 22 95

189