Экскурсія і дэма-клас па мазаіцы «ГУЛЬНЯ МАРМУРУ» з выкладчыкам школы-студыі HomoFaber Таццянай Пасюцінай


25.10.2025 а 13-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудуцца экскурсія і дэма-клас па мазаіцы «ГУЛЬНЯ МАРМУРУ» з выкладчыкам школы-студыі HomoFaber Таццянай Пасюцінай, у рамках выставы мазаікі і вітража «Па канонах прыгажосці».

Паважаныя сябры! Як мы і абяцалі, працягваюцца нашы захапляльныя экскурсіі і дэма-класы, якія знаёмяць вас з рэдкімі відамі мастацтва. Дэма-клас, прысвечаны вырабу вітража, выклікаў у нашых наведвальнікаў вялікую цікавасць і самае сапраўднае захапленне. Зараз надыйшла чарга мазаікі. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва таксама мае шмат прыхільнікаў.

Калі на выставе «Па канонах прыгажосці» вы чытаеце анатацыі пад неверагодна прыгожымі творамі, зробленымі з маленькіх каляровых квадрацікаў, вы сустракаеце пералік самых розных матэрыялаў: мармур, шкло, смальта, люстэрка, траверцін, сланец, серабрыт, галька. З гэтых кампанентаў складзены сапраўдныя карціны, дэкаратыўныя пано, зроблены столікі разнастайных форм і памераў, якія безумоўна прэтэндуюць на самы значны дызайнерскі акцэнт у інтэр’еры.

Якім чынам адбываецца цудоўнае пераўтварэнне горсткі каляровых каменчыкаў і шкельцаў у паўнаважны, складаны і гарманічны выраб? А колькі патрэбна на гэта часу? Гэта, мабыць, самыя распаўсюджаныя пытанні наведвальнікаў выставы. А што такое «сучасная кладка», «прамы набор», «адваротны набор»? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні па стварэнню мазаікі вы атрымаеце на экскурсіі і дэма-класе, які правядзе для вас выкладчык студыі HomoFaber, мастак Таццяна Пасюціна. Таксама вы ўбачыце прэзентацыю, якая раскажа аб гісторыі мазаікі ад старадаўней Грэцыі да Візантыі.

Часам, гледзячы на які-небудзь прыгожы твор, узнікне жаданне таксама зрабіць нешта сваімі рукамі, але мы палохаемся, што будзе складана і нічога не атрымаецца. Нашы з вамі сустрэчы ладзяцца, каб вы натхняліся, ажыццяўлялі свае мары і знаходзілі самавыяўленне ў творчасці. Чакаем вас, шаноўныя сябры!

Кошт квітка на мерапрыемства:

  • Для дарослых – 20 руб.
  • Для студэнтаў, пенсіянераў – 15 руб.
  • Для школьнікаў – 10 руб.

Працягласць мерапрыемства – 2 гадзіны. Колькасць месцаў абмежавана.

Папярэдні запіс па пошце: artgalleryminsk@gmail.com

40